Адкрытае пісьмо-аправяржэнне

Хачу выказацца ў сувязі з публікацыяй у №6 ад 19.01.2019 г. раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» артыкула «Чтобы звёзды стали ближе»

Век жыві, век дзівіся..

Вось і я са здзіўленнем даведаўся з публікацыі ў “Весніку Глыбоччыны” (№6 ад 19.01.2019 г.), што ў стаўшай за трыццаць год працы мне роднай СШ №3 г.Глыбокага дагэтуль не было вучняў, якія б станавіліся пераможцамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў па астраноміі! Прычым словы гэтыя, сказаныя быццам загадчыкам аддзела па адукацыі Глыбоцкага РВК, падпісаны галоўным рэдактарам “раёнкі”, дарэчы, былым вучнем нашай школы!

У выніку здзівіўся не толькі я, але і многія мае калегі, якія добра ведаюць гісторыю школы! Калі б гэтыя словы не прыніжалі годнасці былых маіх вучняў, я б, магчыма, і не стаў займацца гэтым допісам. Столькі даводзіцца бачыць і чуць такога, што раней здавалася неверагодным, што прывыкаеш да розных супярэчнасцей і нават пачынаеш сумнявацца ў тым, што здавалася раней непахісным. Аднак у гэтым выпадку лічу сваім абавязкам нагадаць і аўтарам тых слоў, і чытачам газеты, што ў трэцяй глыбоцкай школе ў свой час вучыліся некалькі слаўных хлопцаў і дзяўчат, праславіўшых яе не толькі на абласным, але і на рэспубліканскім узроўні. Найперш, гэта Малышчыц Віктар Васільевіч, якога дагэтуль, як легенду, успамінаюць знаўцы астраноміі ў любым рэгіёне Беларусі. Яшчэ ў 5 класе Віця зацікавіўся зорнай навукай, а ў 8 класе здзівіў абласное журы, стаўшы пераможцам, нароўні з адзінаццацікласнікамі. Двойчы юнак станавіўся абсалютным пераможцам рэспубліканскага этапу алімпіяды па астраноміі. Я упэўнены, што, калі б у тыя часы праводзіліся Міжнародныя астранамічныя алімпіяды, ён бы перамог і там! Яшчэ раней у нашай школе вучыўся Радзевіч Вадзім Рычардавіч. У тыя часы алімпіядны астранамічны рух толькі адраджаўся пасля развалу СССР, замест алімпіяд праводзіўся Рэспубліканскі конкурс па астраноміі, касманаўтыцы і астрафізіцы. Вадзім пераўзышоў усіх сваіх сапернікаў і даказаў, што ён – першы ў рэспубліцы знаўца астраноміі. Яго апантанасць астранамічнымі назіраннямі пазней быццам бы перадалася Віктару Малышчыцу, хаця яны і не былі знаёмыя. На жаль, такія таленавітыя, мэтанакіраваныя і працаздольныя вучні – гэта вялікая рэдкасць. Тым больш не маю права не ўспомніць пра іншых сваіх былых вучняў – удзельнікаў і пераможцаў абласных этапаў алімпіяд: Бейнаровіча Сяргея Рамуальдавіча, Казачка Уладзіміра Іванавіча, Пачкоўскага Паўла Тадэвушавіча, Журко Уладзіслава Станіслававіча, Каліноўскага Канстанціна Уладзіміравіча, Велічковіча Ігара Сяргеевіча, Крэмеза Максіма Андрэевіча, Альхімёнак Вераніку Аляксандраўну.

Акрамя алімпіяд, мае вучні прымалі удзел і ў Міжнародным злёце юных астраномаў, і ў канферэнцыях, дзе расказвалі аб выніках сваіх астранамічных даследаванняў. Пры гэтым праца Сасімовіча Андрэя Ігаравіча была ацэнена Рэспубліканскім журы Дыпломам ІІІ ступені. Тройчы мае вучні Малышчыц Віктар і Сасімовіч Андрэй станавіліся намінантамі Спецыяльнага Фонду Прэзідэнта за дасягненні ў вывучэнні астраноміі.

Так што словы аб тым, што раней сярод вучняў СШ №3 г.Глыбокае не было пераможцаў абласных і рэспубліканскіх этапаў астранамічных спаборніцтваў лічу не адпавядаючымі рэчаіснасці і не хачу аб гэтым маўчаць! А паколькі прагучалі гэтыя словы з нагоды перадачы нашай школе тэлескопа, хачу зазначыць, што ад наяўнасці такой дарагой прылады выніковасць удзелу ў алімпіядах і конкурсах па астраноміі залежыць вельмі слаба! Як толькі “рэфармавалі” выкладанне матэматыкі і фізікі так, што словы “інтэграл”, “вытворная”, “хібнасць” сталі малазразумелыя большасці вучняў, так адразу правінцыяльныя хлопчыкі і дзяўчынкі сталі саступаць сваім аднагодкам з буйных гарадоў. Да той пары, пакуль настаўніку не дазволяць вучыць дзяцей у класах з напаўняльнасцю, адпавядаючай нормам, пакуль усе дзеці не змогуць займацца ў першую змену і пакуль настаўнік не будзе ставіць вучню адзнаку, адпаведную яго рэальным ведам і ўменням, а не прадыктаваную патрабаваннямі “зверху” – наўрад ці трэба чакаць карэнных зменаў у якасці навучання!

І яшчэ: са згаданага артыкула можна зрабіць вывад аб тым, што ў СШ №3 няма астранамічнай пляцоўкі! І з гэтым не магу пагадзіцца, бо яшчэ летам 1993 года яна была зроблена ўласнымі намаганнямі, дзякуючы падтрымцы тагачаснага дырэктара Гарановіча Віталя Рыгоравіча і прараба Глыбоцкага МКК Арлова Пятра Рыгоравіча, а таксама фінансаванню з боку гэтага паважанага прадпрыемства. За гэтыя 25 год існуючая і цяпер астранамічная пляцоўка выкарыстоўваецца для правядзення астранамічных назіранняў з адзінаццацікласнікамі, для фіксацыі цікавых момантаў астранамічных з’яў. Пры гэтым у нашай школе выкарыстоўваюцца 4 дзеючыя тэлескопы, адзін з якіх быў падораны два гады таму кіраўніцтвам Глыбоцкага МКК. Канечне, і новы тэлескоп будзе не лішнім, тым больш, што ён найбольш мадэрновы з усіх. Хаця яго маса пад 40 кг і неабходнасць падключэння электрасілкавання напружаннем 12 В наўрад ці дазволяць гэтак жа зручна выкарыстоўваць новы апарат. Увогуле, ён больш разлічаны на сталых аматараў астраноміі са сваім аўтамабілем. Ва ўмовах школы выкарыстанне такога інструмента патрабуе не пляцоўкі, а вежы з купалам, у якой можна будзе стацыянарна ўсталяваць гэты інструмент. Калі ўжо гаварыць пра стварэнне на базе школы праекта школы будучага, то яго арганізатарам варта было б трымаць на ўвазе і гэты факт. На жаль, нас, працуючых у школе настаўнікаў, ніхто з гэтым праектам не знаёміў. А, можа, калі гэты мой допіс убачыць свет, што-небудзь зменіцца ў лепшы бок?

Настаўнік інфарматыкі і астраноміі ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Глыбокае», магістр педагагічных навук Сасімовіч Ігар Яўгенавіч.

Оставьте комментарий