Архив за месяц: Июнь 2014

Чарговы аброк

Трэці раз за гэты год наша сям’я заплаціла аброк на так званы «суботнік». Ёсць надзея, што ён быў апошні ў гэтым годзе, аднак веры гэтаму мала. Усяго невядома куды мы «добраахвотна» аддалі больш за паўмільёна беларублёў. Калі ўлічыць і прымусова-«добраахвотную» падпіску, то за паўгода дзяржава забрала з нашага сямейнага бюджэту каля мільёна бел.руб.. Гэта кошт пражывання нашай сям’і на працягу тыдня. Цяпер зразумела, чаму я ніяк не рашуся набыць сабе абутак, без якога не магу выконваць прафесійныя абавязкі!

Раней я ўжо выказваўся наконт такіх «суботнікаў». Цікава, калі ж такія адлічэнні стануць фіксавацца?! Нядаўна апублікаваны аналітычны агляд Нацыянальнага банка РБ аб асноўных тэндэнцыях у эканоміцы і грашова-крэдытнай сферы.

AnAglNBRB2014-04

Бачна, што графік адлюстроўвае несуцяшальныя тэндэнцыі ў дынаміцы «рэальнай» з/пл. А калі яе сапраўды зрабіць рэальнай, з улікам розных нефіксуемых адлічэнняў, то нагод для суму стане яшчэ больш.

Выхаваныя на маральным кодэксе будаўніка камунізму прадстаўнікі майго пакалення яшчэ складаюць значную частку нашага грамадства. Магчыма, пагэтаму такія «аброкі» яшчэ вельмі распаўсюджаныя — сказваецца штамп: «Перш думай аб Радзіме, а затым аб сабе». Многія з тых, хто падстаўляе сваю шыю пад гэта неўзаконенае ярмо, разумеюць усю заганнасць такіх пабораў. Стрымлівае боязь за магчымыя негатыўныя наступствы адзінкавага супраціўлення ў дачыненні не за сябе, а за сваіх блізкіх.

Калісьці ў дзяцінстве мяне ўразіла выслоўе «Біты нябітага вязе». Аказваецца, яно вельмі трапна адлюстроўвае многія аспекты нашага жыцця. У прыватнасці, чаму адны з апошніх сродкаў папаўняюць дзяржаўную казну, а другім прабачаюцца яўныя парушэнні заканадаўства. Калі б толькі за парушэнні правіл паркоўкі аўтамабіляў, за стварэнне перашкод руху пешаходаў па тратуарах штрафавалі б вінаватых, то, магчыма, не прыйшлося б забіраць ў і без таго збяднелых працаўнікоў такія сумы на міфічныя «суботнікі». Ніжэй прывяду некаторыя фотапрыклады традыцыйнага «тратуарнага хамства» у Глыбокім.

2013-12-04AvtoHam 2014-05-06AvtoHam1 2014-05-23AvtoHam1
2014-06-12Trotuar2
2014-06-12Trotuar
2014-06-13Trotuar

Чаму ўладныя структуры не хочуць папоўніць бюджэт за кошт такіх парушальнікаў — незразумела! А ў выніку па многіх тратуарах горада хадзіць ці рызыкоўна, бо можна выкалаць вочы навісаючым над імі кустоўем, ці ўвогуле немагчыма з-за «аўтосаў» ці пясчаных гор 😦

Бывайце, вучні

Нарэшце гэта здарылася — школу пакінуў мой ужо былы 5-11 А клас. За 7 год адбылося многае: былі і згубы, і знаходкі, і гора, і радасць, і спрэчкі, і з’яднанне. Складаныя характары, няпростыя ўзаемаадносіны. Аднак, думаю, што можна казаць аб існаванні нашага класнага калектыву, асабліва — у апошнія два гады. Шкада, што таленты многіх пачалі раскрывацца толькі ў апошнія паўгода. Як усё-такі не хапае нашым дзецям магчымасцей развіваць свае здольнасці! Ва ўсе часы людзі будуць цаніць повара, лекара і артыста. Але, як аказалася, многія з нашых выпускнікоў зусім не выкарыстоўвалі свой патэнцыял спевакоў, танцораў, тэатралаў. Спадзяюся, што хаця б некаторыя з іх змогуць яшчэ паспець раскрыцца, як творчыя асобы.

Кожны раз, выпускаючы чарговы клас, адчуваю нейкі дзіўны букет пачуццяў ад суму да радасці. Сумуеш па незваротнаму, радуешся магчымаму новаму. Аднак яшчэ адна сямігадовая эпапея ужо стала гісторыяй. Гісторыяй вучняў і іх бацькоў, гісторыяй школы, маёй гісторыяй, з якой ужо нічога не выкрасліш і нічога ў ёй не паправіш.

Няпроста развітацца з класам, але і няпроста гэта аформіць. Столькі розных паперак складаць і падпісваць мне як выпускаючаму класнаму кіраўніку яшчэ не даводзілася. Да таго ж аб некаторых з іх даведваўся занадта позна. Пагэтаму вырашыў пералічыць, што трэба мець на ўвазе ў будучым.

1. Пашпартныя даныя вучняў лепш пачынаць збіраць ужо ў верасні. Пры гэтым можна рабіць копіі старонак з нумарамі 31 і 33, бо спатрэбяцца звесткі аб дакладным напісанні прозвішчаў, імён і імён па бацьку (беларускі і рускі варыянты), а таксама — серыя і нумар пашпарту і ідэнтыфікацыйны нумар.

2. Сцэнарый выпускнога балю лепш пачаць рыхтаваць да апошняга бацькоўскага сходу, каб яго можна было сумесна абмеркаваць. А яшчэ лепш пачынаць думаць аб гэтым ужо ў пачатку апошняга навучальнага года.

3. Яшчэ на апошнім бацькоўскім сходзе пачаць рыхтаваць ведамасць ці пратакол  аб інфармаванні бацькоў (з іх подпісамі) аб правілах паводзін вучняў у час выніковай атэстацыі і правядзенні выпускных мерапрыемстваў.

4. За апошні тыдзень правесці з вучнямі інструктаж да правілах бяспечных паводзін у час выніковай атэстацыі і выпускных мерапрыемстваў з запісам у класны журнал і ў дзённікі выпускнікоў.

5. Перад апошнім экзаменам лепш падрыхтаваць два варыянты ведамасці выніковых адзнак, што будуць заносіцца ў атэстат. Тады пасля апошняга экзамену можна аператыўна занесці апошнія адзнакі і падрыхтавацца да працэдуры зверкі. У гэтых ведамасцях (хаця б у адной) павінны быць і подпісы вучняў.

6. Да выпускнога балю правесці яшчэ адзін інструктаж вучняў па правілах іх бяспечных паводзін у час выпускных мерапрыемстваў і падрыхтаваць адпаведны пратакол.