Архив за месяц: Январь 2014

З Новым годам!

Усіх наведвальнікаў блога віншую з надыйшоўшым Новым годам!

Мне самому вельмі спадабалася віншаванне ад аўтараў Настаўніка.інфо. Асабліва словы «Міністэрства адукацыі сёлета моцна не перашкаджала, і на гэтым дзякуй «. Хай бы так і ў 2014-ым! Праўда толькі згадка аб мяркуемай чарговай адукацыйнай рэформе пачаць вывучэнне інфарматыкі з 2-га класа анулюе гэтую надзею: зноў чакаем адукацыйных пертурбацый. А на школьнай нарадзе прагучаў прагноз наконт пашырэння  колькасці класаў, якім у наступным навучальным «свеціць» другая змена, бо ГГ (Глыбоцкая гімназія) пашырае сваю экспансію на школьныя кабінеты. Так што аднымі з самых актуальных навагодніх пажаданняў маім вучням будуць:

— Хай усе навучальныя дапаможнікі ператворацца ў паўнавартасныя падручнікі!
— Хай у нашай школе будзе толькі адна змена!
— Хай у настаўнікаў з’явіцца магчымасць на кожным уроку і ў кожным кабінеце выкарыстоўваць сучасныя медыйныя рэсурсы!

Ну, а калі мы не пачуем дэкларацый аб павышэнні заробкаў, або калі прыйдзецца пацвярджаць катэгорыю, або нават калі замест выканання сваіх прафесійных абавязкаў давядзецца «латаць дзіркі» у сельскай ці камунальнай гаспадарцы — сцерпім, бо загартаваліся. Абы не перашкаджалі галоўнаму: сумленна працаваць і вучыцца…