Архив за месяц: Май 2013

Клумбы-2013

Тлумачэнні настаўніка, які прапусціў фінальныя ўрокі 😦

«Глупства, пане дабрадзею!» — Так і цягне выкарыстоўваць гэтую рэпліку на кожную патугу кіраўнікоў падзвігнуць сваіх падначаленых на новыя «працоўныя подзвігі» 😦

Вось яшчэ адзін дзень быў патрачаны на быццам бы працу па добраўпарадкаванні горада. Ладна, каб толькі мая асноўная праца была змарнаваная. Але ж разам са мною шэсць дзесяцікласнікаў былі адлучаныя ад заняткаў! І гэта напрыканцы навучальнага года, калі праводзяцца выніковыя кантрольныя работы, акрэсліваюцца гадавыя адзнакі..

І чым мы займаліся — у праліўны дождж высадзілі нас ля страшэнна запушчанай гарадской клумбы з лапатамі ды граблямі, далі нейкія невыразныя ўказанні і.. Карацей, ні кіраўніка, ні аўтобуса мы больш не ўбачылі. Добра, што ў горадзе, а не ў чыстым полі. У выніку дзеці не змоклі, але ж і карысці ніякай, адна шкода.

Дачакаўшыся праз тры гадзіны заканчэння заліўнога дажджу, неяк агоралі тую клумбу. Але ж ці не прасцей было арганізаваць які нядзельны дэсант мясцовых жыхароў на той кавалачак зямлі: і толку было б больш, і патрыятычныя пачуцці, глядзіш, хаця б у каго з іх прачнуліся б..

Ці скора які «рак за гарой свісне», каб хаця б крыху зменшылася маразматычная навала падобнага дурноцця???

Камяні-2013

Якая ўсё-такі асалода — замест душнага школьнага кабінета заняцца рэальна карыснай працай: ачысткай зямелькі на палях ад камянёў! Ды яшчэ пад спевы салаўя, сагрэтыя цёплымі сонечнымі прамянямі і абласканыя пяшчотным ветрыкам..

Фота 1  Фота 2

Аднак чаму б не арганізаваць такую працу больш ашчадна, не адрываючы дзесяткі людзей ад працы. Да таго ж гэта і не танна: толькі за замену маіх урокаў у гэты дзень трэба выдаткаваць каля 100 тысяч рублёў. Не кажучы пра неабходнасць перанесці дзве кантрольныя работы, пра дадатковую карэкцыйную дзейнасць, якую давядзецца правесці з вучнямі. Не лічачы паліва на дастаўку туды і назад,  Дарэчы, два чалавечкі з СПК, якіх мы замянілі, у час нашай працы добра такі адпачылі 🙂

Так што, паважаныя вучні, выбачайце за вымушаную адсутнасць настаўніка на такіх няпрстых, але важных завяршаючых уроках. Выбачайце і вы, паважаныя бацькі вучняў 10 «А», бо мы так і не сустрэліся на бацькоўскім сходзе №4.